Контакты

Деканат:

(8-017) 311-22-21, внутренний 377 (деканат)

(8-017) 311-22-14, внутренний 119 (декан)

(8-017) 311-22-20, внутренний 375 (заместители декана по учебной работе, по научной работе)

(8-017) 311-22-19, внутренний 376 (заместитель декана по идеологической и воспитательной работе)

 


E-mail:   filfak@bspu.by (филологический факультет)

E-mail: lingva2006@bspu.by (кафедра иностранных языков)


Кафедры:

Кафедра языкознания и лингводидактики

(8-017) 311-22-24, внутренний 380

Кафедра белорусской и зарубежной литературы

(8-017) 311-22-17, внутренний 379

Кафедра иностранных языков

Заведующий кафедрой

(8-017) 311-22-15, внутренний 212

Преподавательская

(8-017) 311-22-16, внутренний 211



Мы на карте:

 

События

З днём нараджэння

2016-02-24

ТАЛЕНАВІТЫ ВА ЎСІМ

 

Вядомы знаўца мовы і літаратуры доктар філалагічных навук, прафесар, дэкан філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, аўтар больш за 300 навуковых прац. Імя гэтага славутага дзеяча навукі вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Васіль Дзянісавіч Старычонак. 

 Ён нарадзіўся 24 лютага ў 1954 годзе. Жыццёвы шлях Васіля Дзянісавіча пачаўся з маленькай вёсачкі Луцішча, што на Крупшчыне. Магчыма, нараджэнне яго на гэтай зямлі і вызначыла далейшы лёс даследчыка, бо дзе як ні тут, на Крупшчыне, можна пачуць такую прыгожую, мілагучную беларускую мову.  Сам мовазнаўца адзначае, што любоўю да роднага слова, да літаратуры ён абавязаны сваім бацькам.

  Васіль Дзянісавіч нарадзіўся ў вялікай, працавітай і дружнай сям’і. Бацькі яго – звычайныя і простыя сяляне, якія працавалі на сваёй зямлі. Бацька Дзяніс Ермалаевіч служыў на фронце і прайшоў усю вайну. Адукацыю атрымаў яшчэ да рэвалюцыі і пасля вяртання з вайны працаваў намеснікам старшыні ў калгасе, а ў больш сталым узросце – на малакаферме. Маці Лукер’я Мінаеўна (ці Мінаўна) нарадзілася ў 1914 годзе. Атрымала адукацыю адразу пасля рэвалюцыі і таксама працавала ў калгасе. Васіль Дзянісавіч мае чатыры сястры і двух братоў. Старэйшая сястра Валянціна нарадзілася ў 1941 годзе, а Васіль быў апошнім у сям’і – сёмым. Бацькі глыбока верылі ў лепшую будучыню свайго сына. Магчыма, што з самага дзяцінства маленькаму хлопчыку прывілі найкаштоўнейшыя чалавечыя якасці – сумленнасць, працавітаць, цярплівасць, добразычлівасць, спагаду, што сталі вынікам выхавання  ў дружнай і моцнай сям’і.

  Пачатковую адукацыю Васіль Дзянісавіч атрымаў у сярэдняй школе вёскі Луцішчы. Далей – у Абчугскай сярэдняй школе. Ужо там ён выявіў сябе не толькі здольным да працы вучнем, але і маладым таленавітым журналістам. Васіль Дзянісавіч стаў пазаштатным карэспандэнтам газеты “Ленінскім курсам”. У ёй вучань надрукаваў больш за сто уласных публікацый на розныя тэмы. Пісаў практычна кожны тыдзень і звычайна пра асноўныя падзеі з жыцця школы: суботнікі, займальныя мерапрыемствы і інш.

  У 1971 годзе Васіль Дзянісавіч паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Чаму ён, чалавек, які па-майстэрску даносіў інфармацыю іншым, не вырашыў звязаць сваё жыццё з журналісцкім факультэтам? Сябар Васіля Старычонка, які ўжо вучыўся на філалагічным факультэце таго ж універсітэта, так захоплена і горача распавядаў пра сваю вучобу будучаму студэнту, што і ён загарэўся гэтым пякучым жаданнем: глыбей вывучаць слова. Гэтая размова і вырашыла лёс Васіля Дзянісавіча. Галоўнае, што там было ў каго вучыцца, бо у той час дысцыпліны ў студэнтаў выкладалі і вядомыя беларускія пісьменнікі. Адзначыўшы для сябе, што з добрага філолага заўсёды атрымаецца выдатны журналіст, а з журналіста не заўсёды атрымаецца філолаг, Васіль Старычонак зрабіў свой выбар на карысць філалагічнага факультэта.

  Паступіўшы ва ўніверсітэт, будучы мовазнавец адразу прыцягнуў да сябе ўвагу выкладчыкаў і студэнтаў. Ужо тады ён выявіў сябе як кемлівы, удумлівы, здольны да руплівай працы, а галоўнае, шчыра улюблёны ў філалагічныя навукі студэнт. Інакш сказаць проста немагчыма, бо адзнакі пацвярджалі яго веды як мага лепш: вучыўся на адны пяцёркі. Але і да гэтага часу Васілю Дзянісавічу нязручна распавядаць пра гэта, а, можа, і трошкі сорамна. Сам ён тлумачыць, што ўсё ведаць немагчыма: можна выцягнуць “шчаслівы білет”, можна дзесьці не так добра вывучыць або адказаць. Аднак выкладчыкі як быццам ведалі, адчувалі і цвёрда былі ўпэўнены ў тым, што гэты чалавек далёка пойдзе. І зусім не дзіўна, што Васіль Дзянісавіч не любіць казаць пра свае поспехі, бо што можа быць важней за карысць, якую ты прыносіш людзям, хай і нялёгкай, карпатлівай працай.

  “Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім,” – так казалі і кажуць пра Васіля Старычонка. Ён не толькі актыўна займаўся навуковай дзейнасцю, але і ўдзельнічаў у маладзёжным руху. Усе пяць гадоў навучання з’яўляўся старастам групы, адказваў за арганізацыю будаўнічых атрадаў. Адзін з такіх  –  “Мара” – тры гады выязджаў у далёкі Слабадзейскі раён Малдовы. У падначаленні Васіля Дзянісавіча было пяцьдзясят дзяўчынак і пяць хлопцаў. Увогуле ўсіх атрадаў было больш за сто. У кожным каля пяцідзесяці чалавек, а гэта значыць прыкладна пяць тысяч студэнтаў. Якім гонарам тады лічылася заняць першае месца сярод гэтых ста атрадаў! І атрад “Мара” спрытна змог абысці іншыя. Лічылася амаль усё: заробкі, розныя культурныя праграмы і г.д. Два гады запар атрад пад кіраўніцтвам Васіля Старычонка займаў першае ганаровае і заслужанае месца сярод ста астатніх, не менш працавітых, сапраўды лепшых атрадаў. Студэнты прыязджалі дадому, можна сказаць, з вялікай перамогай,таму сустракалі іх адпаведна – як сапраўдных пераможцаў! Студэнтаў атрада “Мара” запомнілі надоўга. Інакш як можна растлумачыць тую радасць, тое шчасце, якое адчувалі жыхары гэтай вёсачкі, калі бачылі "сваіх", якія зноў прыехалі да іх, на працу, таму віталі хлопцаў і дзяўчат як родных. Уставалі студэнты рана: заязджала машына – і адразу на поле. Дзяўчаты – на ўборку памідораў, а хлопцы працавалі на будаўніцтве. Затое працавалася лёгка, весела. І адпачывалі студэнты гэтаксама: пасля цяжкага працоўнага дня ўсе садзіліся ў машыны, ехалі і, вядома ж, спявалі. Цяпер, канешне, такога будатрада ўжо не існуе, але тыя шчаслівыя і бесклапотныя часы Васіль Дзянісавіч успамінае з вялікім задавальненнем.

 На пятым курсе, прыехаўшы з будатрада, будучы мовазнавец не атрымаў… дыплома аб вышэйшай адукацыі! Калі ўсім студэнтам БДУ ўрачыста ўручалі дыпломы, Васіль Дзянісавіч проста не паспеў выехаць, таму застаўся там, у вёсцы. Але раніцай усё ж такі здолеў прыехаць за сваім дыпломам. У БДУ яго чакаў прыемны сюрпрыз. Зранку дзяўчынкі з яго будатрада прыйшлі ва ўніверсітэт, каб павіншаваць Васіля Дзянісавіча. Якой прыемнай нечаканасцю было зайсці ва ўніверсітэт і зразумець: цябе тут ужо даўно чакаюць. Уручалі дыплом з усёй урачыстасцю моманту і нават з “баявым хрышчэннем”: палівалі вадой, пасыпалі кветкамі. Напэўна, не кожны можа пахваліцца такім “уручэннем” дыплома. І як прыемна ўсведамляць тое, што цябе любяць і чакаюць, і што гэты дзень ужо сапраўды надоўга застанецца ў памяці як адзін з лепшых у жыцці. Гэта былі тыя незабыўныя часы, якія ўжо не вернуцца, але застануцца ў свядомасці назаўседы.

  У 1976 годзе Васіль Старычонак скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Ён з’яўляўся адным з выдатнейшых студэнтаў БДУ. Такога здольнага да навукі студэнта не маглі абмінуць выкладчыкі ўніверсітэта.

  Прыехаў ён з будатрада на пятым курсе, калі акурат ішло размеркаванне студэнтаў. Лёс Васіля Дзянісавіча вырашыў адзін тэлефонны званок з Акадэміі навук. Зайшоўшы ў дэканат, ён пачуў такія словы: “Трэба тэрмінова супрацоўнік у сектар дыялекталогіі!” У нашым жыцці ўсё ўзаемазвязана. Вось і Васіль Дзянісавіч апынуўся ў патрэбны час у патрэбным месцы: ужо праз дзень ён быў залічаны малодшым навуковым супрацоўнікам. З таго часу пачалася яго праца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР у сектары дыялекталогіі. Так лёс славутага мовазнаўцы быў назаўсёды звязаны з навукай.

  Сваім дарадцам Васіль Дзянісавіч лічыць Юзэфу Фларыянаўну Мацкевіч. Гэтая жанчына –  навуковы кіраўнік кандыдацкай дысертацыі В. Старычонка.  Яна вядомы беларускІ мовазнавец, член-карэспандэнт АН Беларусі, доктар філалагічных навук, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. З яе імем звязана станаўленне і развіццё дыялекталагічных даследаванняў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа і наогул у Беларусі. З яе імем звязаны і пэўны перяд жыцця Васіля Дзянісавіча. У 1950 г. Ю.Ф. Мацкевiч узначалiла сектар дыялекталогii, а фактычна i ўсю дыялекталагiчную работу, што вялася ў рэспублiцы. Нязменным кiраўнiком сектара яна была 36 гадоў. Гэтая жанчына і ўзяла маладога, стараннага выпускніка, які падаваў вялікія надзеі ў навуцы, да сябе. Сапраўды можна казаць, што яна брала пад сваю апеку толькі руплівых, шчырых, сумленных і адданых сваёй працы людзей. Юзэфа Фларыянаўна не толькі сама старанна працавала, але і дапамагала праторваць шлях у навуку іншым. Можна штурхаць чалавека да навукі, прывіваць любоў да яе, а можна проста, як Юзэфа Фларыянаўна, быць побач, адчуваць свайго маладога калегу. Галоўнае, даць магчымасць яму зразумець, хто ён ёсць на самай справе, дапамагчы чалавеку самому знайсці сваё пакліканне. Бо неабходна зрабіць так, каб пачатковец адчуў, што гэта нешта яго, нешта, з чым ён пойдзе па гэтым жыцці. Гэтую магчымасць яна і перадала свайму лепшаму вучню. Менавіта Юзэфа Фларыянаўна стала для Васіля Дзянісавіча ўзорам сапраўднага навукоўца, узорам, да якога ён імкнецца і цяпер. Амаль усё сваё жыццё гэтая жанчына прысвяціла навуцы, працавала вельмі рупліва, па-сапраўднаму дбайна і шчыра. Такога працавiтага, сцiплага, добразычлiвага чалавека В. Старычонак, напэўна, ніколі не бачыў. Яна паказала яму шлях да навукі, а вось прыйсці да яе ён быў павінен сам. Што і зрабіў.

  Але, нягледзячы на дапамогу, Васіль Дзянісавіч заўсёды спадзяваўся толькі на свае сілы, веды і ўменні. Заўсёды трэба памятаць пра тое, што поспех залежыць толькі ад цябе самога. Формула яго даволі простая і вядомая: калі ты мысліш пазітыўна, то ўсё атрымаецца менавіта так, як ты захочаш. Думкі сапраўды матэрыялізуюцца. І калі правільна ставіць мэту, то ў рэшце-рэшт ты яе дасягнеш.

  Кола навуковай дзейнасці Васіля Дзянісавіча даволі шырокае. Ён працуе над развіццём семасіялогіі ў беларускай лінгвістыцы. Ён унёс значны ўклад у збор, сістэматызацыю і апрацоўку дыялектных матэрыялаў. Дыялекталогія, лексікалогія, лексікаграфія, семантыка, полісемія, культура маўлення, міжмоўныя кантакты. Ужо на працягу многіх гадоў Васіль Дзянісавіч вывучае, даследуе і апрацоўвае гэтыя і іншыя аспекты мовазнаўчай навукі.

  Пачынаў славуты мовазнавец як дыялектолаг. Ён як ніхто іншы глыбока і пранікнена адчувае моц “жывых і гаваркіх” слоў. У Інстытуце мовазнаўства працаваў у сектары дыялекталогіі, таму амаль штогод выязджаў  у складзе дыялекталагічных экспедыцый у розныя рэгіёны Беларусі, у памежныя раёны Латвіі і Літвы. Першыя навуковыя працы Васіля Дзянісавіча былі апублікаваныя ў навуковых зборніках “Жывое слова” (Мінск, 1978), “Народная словатворчасць” (Мінск, 1979) і ўяўлялі сабой тэматычныя і рэгіянальныя падборкі дыялектных слоў.

  Менавіта па дыялектнай лексіцы 18 красавіка 1980 года В. Старычонак абараніў кандыдацкую дысертацыю. Напісаў жа ён яе, напэўна, гады за паўтара. Тут неабходна згадаць тое, што на напісанне дысертацыі даецца не менш за тры гады. Васіль Дзянісавіч патрапіў у такі калектыў, дзе працавалі ўсе. Не працаваць было проста немагчыма. У гэтае навуковае жыццё ён ўключыўся з усёй сваёй руплівасцю і цікавасцю да працы. Акадэмія навук стала сапраўднай школай жыцця. Як кажа сам мовазнавец, калі б не апынуўся там, то, магчыма, займаўся б зусім іншай працай. Навука патрабуе цярпення, сядзення, удумлівасці, скрупулёзнасці. Ён гэта бачыў вакол сябе, таму працаваў. Галоўнае, адчуваць, што гэтая праца прыносіць табе сапраўднае задавальненне, а не з’яўляецца цяжарам.  Цярпенне, вучэнне, настойлівасць, вера у сябе і разлік у асноўным толькі на сябе. Нават той факт, што ты працуеш сам, ужо дае табе асалоду ад праведзенай працы. У гэтыя часы і Юзэфа Фларыянаўна зачаравана глядзела на свайго здольнага вучня. Нарэшце, прачытаўшы дысертацыю, яна сказала: “Выдатна!”

  Але і тут не абышлося без цікавага выпадку: Васіля Дзянісавіча выключылі з аспірантуры. Чаму так здарылася? Усё з-за таго, што ён раней прызначанага часу абараніў кандыдацкую дысертацыю, і таму зноў апынуўся на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка. Бо які ж ён аспірант, калі абараніў кандыдацкую? “Так павінна быць,” – кажа Васіль Дзянісавіч.

  Ён з’яўляецца сааўтарам многіх значных, фундаментальных прац, такіх, як пяцітомны “Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе межаў ці пагранічча” (Мінск,1979 – 1986)  і пяцітомны 2Лексічны атлас беларускіх народных гаворак” (Мінск,1993 – 1998), адзначаных Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь у галіне навукі. У слоўнiку ўпершыню прадстаўлена лексiка буйной тэрытарыяльнай адзiнкi – дыялектнай зоны, вызначанай на падставе этналiнгвiстычных дадзеных.

  З 1982 года Васіль Дзянісавіч працуе ў МДПІ імя М. Горкага. Спачатку старшым выкладчыкам, пасля дацэнтам і прафесарам кафедры сучаснай рускай мовы. У ліпені 2001 года атрымлівае пасаду дэкана факультэта рускай філалогіі БДПУ імя Максіма Танка, у 2010 становіцца дэканам факультэта беларускай і рускай філалогіі, які ў канцы 2015 года рэарганізаваны ў філалагічны факультэт.

  Васіль Дзянісавіч распрацаваў праблему семантычнай дыферэнцыяцыі полісемантаў, іх прасторавую варыятыўнасць. Выдзяліў шматлікія пытанні трансфармацый сэнсавых структур слоў у беларуска-літоўска-польскім рэгіёне. Гэтаму прысвечаны яго артыкулы  ў часопісах “Вопросы языкознания”, “Филологические науки”. У 1991 годзе ў Мінску з’явіўся першы ў беларускай лінгвістычнай навуцы “Слоўнік амонімаў беларускай мовы” – плённая навуковая дзейнасць мовазнаўцы ў галіне лексікалогіі. Вынікам скрупулёзнай працы па полісеміі стала манаграфія “Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў)” (Мінск, 1997). Яе асноўныя палажэнні былі выкладзены ў доктарскай дысертацыі, якую даследчык з поспехам абараніў у студзені 1998 года

  З 1990-х гадоў В. Старычонак выкладаў беларускую літаратуру на падрыхтоўчых курсах многіх мінскіх ВНУ. У гэтыя часы была невялікая колькасць кніг, адрасаваных менавіта абітурыентам з мэтай дапамагчы станоўча здаць экзамен па беларускай літаратуры. Таму Васіль Дзянісавіч задумаўся над выданнем кніг, якія б паказвалі магчымыя шляхі адказу на экзаменацыйныя пытанні, застрахоўвалі абітурыентаў ад традыцыйных памылак, пашыралі іх веды ў галіне беларускай літаратуры, дапамагалі яе больш дасканаламу вывучэнню. Ім былі распрацаваны комплексныя мэтавыя праграмы і навукова абгрунтаваныя метадычныя рэкамендацыі па беларускай мове, беларускай літаратуры для школьнікаў і абітурыентаў. У 1993 года асобнай кніжкай пад назвай “Беларуская літаратура: Дапаможнік для абітурыентаў” выйшлі тры выпускі метадычных парад і рэкамендацый . Гэтую кнігу сапраўды  можна лічыць лепшым дапаможнікам, бо перавыдавалася яна больш за 10 разоў з рознымі ўдакладненнямі і дапаўненнямі.  Мэта, задуманая аўтарам была дасягнута, і больш за тое – вельмі паспяхова, але даследчык не спыніўся на гэтым.

 Своеасаблівым абагульненнем прац В. Старычонка па беларускай літаратуры можна лічыць кнігу-даведнік “Беларуская літаратура ад А да Я”, якая была выдадзена ў Мінску ў 1998 годзе (2-е выд. – 2000). Гэта адно з першых у беларускім літаратуразнаўстве энцыклапедычных выданняў, дзе поўна і ўсебакова прадстаўлены матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры, а таксама зместы твораў мастацкай літаратуры, вызначана іх прыналежнасць да літаратурных жанраў, стыляў. Таксама тут дасканала ахарактарызаваны літаратуразнаўчыя тэрміны, прадстаўлены жыццёвыя і творчыя шляхі  найбольш значных пісьменнікаў і многае іншае.

 Адначасова Васіль Дзянісавіч распрацоўваў метадычныя рэкамендацыі па напісанні сачыненняў. Гэты жанр славеснай творчасці заўсёды лічыцца адным з самых складаных, бо менавіта ў сачыненні паказваецца не толькі граматнасць яго аўтара, але і кругагляд, узровень эстэтычнага ўспрымання рэчаіснасці, духоўнага развіцця. Дэманструецца ўменне правільна, лагічна і паслядоўна выказваць свае ўласныя думкі, свае ўражанні, пачуцці. Не толькі абітурыенты, але і выкладчыкі лічаць экзамен у выглядзе сачынення складаным. У той час выказваліся розныя прапановы ў адносінах да гэтага жанру: замяніць яго дыктантам або пераказам ці наогул зняць з пераліку ўступных выпрабаванняў. Дарэчы, зараз яго ўсе ж такі замянілі на пераказ. Але ў тыя часы Васіль Дзянісавіч паставіў сабе мэту: дапамагчы школьнікам і абітурыентам у вырашэнні такой складанай задачы, як напісанне сачынення. Была задумана і выдадзена серыя дапаможнікаў : “Ах, сачыненні,сачыненні…” (Мінск, 1995; 3-е выд. – 1997), “Як правільна пісаць сачыненні па беларускай літаратуры” (Гродна,1997), “55 сачыненняў па беларускай літаратуры” (Мінск,1997, 2-е выд. – 2002), “50 новых сачыненняў па беларускай літаратуры” (Мінск,1997), “100 сачыненняў па беларускай літаратуры” (Мінск,1998, 2-е выд. – 1999), “150 сачыненняў па беларускай літаратуры” (Мінск, 1999), “155 сачыненняў па беларускай літаратуры” (Мінск, 2000, 2-е выд. 2001).

 Таксама Васіль Дзянісаіч надае значную ўвагу распрацоўцы метадычных рэкамендацый па беларускай мове. Былі падрыхтаваны такія вучэбныя дапаможнікі, як “Лінгвістычныя аналізы” (Мінск, 1997), “Беларуская мова ад А да Я” (Мінск,2002), “Беларуская мова: ўзоры моўнага аналізу. Трэніровачныя заданні. Тэсты.” (Мінск, 2002), “Беларуская мова. Школьны слоўнік-даведнік” (Мінск, 2002). Ва ўмовах білінгвізму Васіль Дзянісавіч, безумоўна, перавагу аддае беларускай мове, нягледзячы на тое, што амаль дзесяць гадоў  узначальваў менавіта факультэт рускай філалогіі. Беларуская мова – тая мова,  на якой навучылі гаварыць бацькі, якой карыстаюцца ў яго вёсцы.

Васіль Дзянісавіч клапоціцца і пра стварэнне дапаможнікаў па рускай мове, даведачных выданняў па праблемах культуры вуснага і пісьмовага маўлення. В. Старычонак з’яўляецца сааўтарам кнігі ў трох частках “Современный русский язык” (Мінск, 1990, 1992, 1994), дапаможніка “Основы фонологии” (Мінск, 1999). Ён навуковы рэдактар і сааўтар вучэбных дапаможнікаў “Современный русский  язык: Фонетика. Орфоэпия. Графика. Орфография. Лексикология. Фразеология. Словообразование. Морфология” (Мінск, 1999), “Современный русский язык: Синтаксис. Пунктуация” (Мінск, 2004), аўтар дапаможніка “Русский язык: Лингвистические анализы” (Мінск,1999), слоўніка-даведніка “Русский язык. Школьный словарь-справочник” (Мінск, 2002). У 2003 годзе былі апублікаваны даведнік “Культура речи делового человека” (у сааўтарстве з Л.Р. Рудзь), дапаможнік “Русский язык абитуриенту” (у сааўтарстве з Т.А. Печанёвай). На заказ маскоўскага выдавецтва “Дрофа” Васілём Дзянісавічам разм з Л.Я. Кавадла было падрыхтавана даведачнае выданне “1750 экзаменационных вопросов, заданий и ответов по русскому языку для школьников и поступающих в вузы” (Масква, 2001; 2-е выд. – 2002).

 Для таго, каб пашырыць веды па мове і літаратуры, актывізаваць пошукавую дзейнасць вучняў, аспірантаў і настаўнікаў, Васіль Старычонак сумесна з рэдакцыяй часопіса “Роднае слова” і турысцкай фірмай “Ditrih” арганізаваў рэспубліканскі конкурс “Беларуская ластаўка”, які праводзіўся ў два туры (кожны па тры этапы) на працягу 1996–1997 гадоў. Удзельнікі конкурсу змагаліся за першынство і турыстычнае падарожжа па Германіі. І было іх, удзельнікаў, больш за сто! Матэрыялы конкурсу рэгулярна друкаваліся на старонках часопіса “Роднае слова”. Дзякуючы ідэям, вынашаным у час правядзення “Беларускай ластаўкі”, свет убачыла такая кніга, як “Займальная філалогія”, у аснову якой яны былі пакладзены. У беларускай філалагічнай навуцы гэтая кніга стала першым выданнем, дзе ў сціслай, займальнай, лаканічнай і цікавай форме выкладаліся пытанні беларускай і рускай мовы і літаратуры. “Займальная філалогія” насычана крыжаванкамі, чайнвордамі, віктарынамі, крыптаграмамі, галаваломкамі, анаграмамі, галаваломкамі і многім іншым.

  Васіль Дзянісавіч вядзе вялікую грамадскую работу. Ён – член Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, навуковы кансультант часопіса “Роднае слова”, рэцэнзент каля 40 кніг, афіцыйны апанент 15 доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, член экспертных саветаў і саветаў па абароне доктарскіх і кандыдацкі дысертацый, а таксама навуковы кіраўнік дактарантаў, аспірантаў і магістрантаў.

 У Васіля Дзянісавіча склалася свая навуковая школа. Яе прадстаўляюць тыя людзі, якія працуюць побач з ім. Яго паслядоўнікі. Навуковая школа Васіля Дзянісавіча займаецца праблемай другасных найменняў. Першая аспірантка В. Старычонка выдатна абараніла дысертацыю па заамарфізмах у рускай і беларускай мовах. Зусім нядаўна абараніўся аспірант з Ірака: пісаў дысертацыю па другасных найменнях у беларускай і арабскай мовах. І ўсе, хто працуе разам з Васілём Дзянісаічам у гэтай школе, так ці інакш звязаны з тэмай “Другасныя найменні”. У навуковай школе аспірантам дапамагае кіраўнік, але і кіраўніку дапамагаюць аспіранты. Выкладчык працуе разам са сваімі вучнямі, прапануе ім розную літаратуру і тым самым удасканальваецца сам – ідзе наперад. Калі няма аспірантаў – ты застаешся на месцы. Вучні патрабуюць і ад цябе спасціжэння чагосьці новага. І Васіль Дзянісавіч заўсёды вучыцца, бо гэта цудоўная якасць: не толькі даваць веды іншым, але і самаму атрымліваць іх ад сваіх вучняў.

  За сваю плённую працу Васіль Старычонак узнагароджаны знакам “Выдатнік адукацыі” Рэспублікі Беларусь. За выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё і множанне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа ён  уганараваны медалём Францыска Скарыны. За значныя поспехі ў галіне нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, дасягненні ў галіне нацыянальнай мовы, літаратуры, мастацтва, кнігавыдавецтва, культурна-асветніцкай дзейнасці, а таксама прапаганды культурнай спадчыны беларускага народа, за асаблівыя заслугі ў гуманітарнай, дабрачыннай дзейнасці В. Старычонак узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, які чатыры гады назад яму ўручыў асабіста Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Васіль Дзянісавіч мае і шматлікія ганаровыя граматы. Навуковец адносіцца да іх не тое, што абыякава, лепш сказаць – раўнадушна. Зразумела, што граматы, медалі, ордэн – гэта прыемна і добра, але ўсё ж такі галоўнае тое, што ён зрабіў для іншых. Ва ўніверсітэце, дзе працуе В. Старычонак, амаль 20 гадоў ніхто не атрымліваў падобную узнагароду. Таму, несумненна, гэта не толькі ўзнагарода, але і паказчык тытанічнай працы многіх гадоў.

  Хочацца сказаць, што і сёння Васіль Дзянісавіч Старычонак уражвае сваёй працаздольнасцю. Ён, як і заўсёды, поўны новых планаў, ідэй і заду, у перспектыве – два тамы. Метафара, метанімія – гэта прыклады тых другасных найменняў, якія мы ўжываем у паўсядзённым жыцці і амаль не адчуваем іх, яны сталі прывычнымі (напрыклад, словы тыпу:  ножка стала, корань дрэва і інш.). Менавіта другасныя найменні выяўляюць спецыфіку беларускай нацыі, нашу беларускую ментальнасць. У цэнтры ўвагі лінгвістыкі знаходзіцца чалавек: адлюстраванне яго ў самых розных іпастасях. Таму таксама новай тэмай у распрацоўцы Васіля Дзянісавіча з’яўляюцца антрапамарфізмы ў беларускай лінгвістыцы, ці антрапамарфічныя найменні, дакладней, усё, што звязана з чалавекам. Амаль што ўсе артыкулы зараз будуць прысвечаны антрапамарфізмам і тэме “Чалавек ў мове і мова ў чалавеку.”

  Вядома, што ў сапраўднага доктара філалагічных навук працоўны дзень не абмежаваны часавымі рамкамі і сценамі ўніверсітэта. Бясспрэчна і тое, што самы выключны інтэлект перыядычна мае патрэбу ў адпачынку. Не сакрэт, што людзі больш стамляюцца не ад фізічнай, а ад разумовай працы. Якім жа чынам адпачывае Васіль Дзянісавіч? “Я вельмі люблю падарожнічаць! – кажа ён. – Якія  толькі краіны не наведваў! У студэнцкія гады аб'ездзіў амаль увесь Савецкі Саюз”.

  І нават цяпер Васіль Дзянісавіч не сядзіць на месцы: сёння – Баку, паслязаўтра – Каўнас, потым – Талін. Самалёты, цягнікі...  Ёсць час падумаць не толькі аб працы, але і аб нечым асабістым. Вільнюс, Парыж, Мадрыд, Барселона, Стакгольм, Варшава, Рыга – усяго і не пералічыць. І так кожная паездка – час доўгачаканага адпачынку. Каб ён стаў паўнавартасным, В. Старычонку досыць усяго дзесяць дзён. За гэты час у яго, вядома ж, з'яўляецца шмат новых ідэй і задумаў, з якімі ён і вяртаецца ў Беларусь. “Затое летам, – распавядае мовазнавец, – у мяне амаль месяц адпачынку!” Вядома, месяц (ва ўяўленні нас, студэнтаў) – гэта зусім мала. Але, такія людзі, як Васіль Дзянісавіч ўсё роўна не змаглі б адпачываць вось так доўга, без працы. Калі ты – дэкан, то амаль не застаецца часу нават на працу ў бібліятэцы, а яна прыносіць В. Старычонку такую ж бязмежную асалоду і ціхамірны адпачынак: нікуды не трэба спяшацца, толькі цішыня, перагортванне кніг. І гэта шчасце: ты адпачываеш і робіш сваю любімую справу. Такая асалода доўжыцца тыдзень, можа, два. Вядома ж, потым усё роўна трэба кудысьці ехаць, штосьці пісаць, але без гэтага Васіль Дзянісавіч ўжо не ўяўляе сваё жыццё.

  “Я вучыўся так, як я мог, як я здолеў вучыцца. Але калі казаць, што я адразу ставіў сабе такую мэту быць навукоўцам, – не! Проста апынуўся ў патрэбным месцы і ў патрэбны час. Я не ўпусціў свой шанец і змог рэалізаваць сябе ў навуцы. А дакладней: змог знайсці сваё месца ў гэтым жыцці”.

***

  Шаноўныя студэнты, у любой сваёй працы заўсёды карыстайцеся такім прынцыпам, як грунтоўнасць, у вас заўсёды павінна быць тэарэтычная і фактычная база вашага матэрыялу. Каб праца была абгрунтаванай, павінен быць доказ. Галоўныя кампаненты – актуальнасць, навізна, таму не трэба шукаць нешта ў іншых, ісці па іх слядах. Заўсёды рабіце штосьці сваё, без гэтага – ніяк. Да навукі трэба мець здольнасць, цярплівасць, бо гэта займае шмат часу.  Як кажуць, “праз церні да зор” – як захочаш ты, так і атрымаецца. Кожнаму хочацца пажадаць толькі пазітыву, бо калі негатыўна мы ставімся да чаго-небудзь, так яно, сапраўды, і адбываецца. Адпаведна: калі пазітыў з вамі, наперадзе, то і  атрымоўвацца ў вас усё будзе як мага лепш.

  Вучыцеся, працуйце над чым-небудзь, не губляйце марна часу. Але і адначасова пакіньце гэты час для сваіх сяброў, новых знаёмстваў, наведвайце розныя мерапрыемствы, усебакова развівайцеся, падарожнічайце, пашырайце свой кругагляд. Каб ваша жыццё было цікавае і насычанае, трэба ахапіць вельмі шмат, але, на жаль, і ў студэнтаў, таксама не хапае на ўсё часу.

   “У вас ёсць выдатныя адзнакі, але няма здольнасці да навукі і наадварот. Нармальна адчуваць, што ў цябе не заўсёды атрымліваецца. Памятайце, што ў вас яшчэ ўсё наперадзе. Не губляйце веры ў свае мары, імчыцеся наперад. І я ўпэўнены ў вашу цудоўную будучыню!”

 

Аляксандра Вінаварава,

студэнтка 11 групы