Сустрэча з майстрам слова: аўтограф-сесія Васіля Зуёнка
7 красавіка 2021 года на філалагічным факультэце прайшла аўтограф-сесія вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, Ганаровага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Васіля Зуёнка.
Васіль Васільевіч Зуёнак вядомы шырокай чытацкай аўдыторыі найперш як паэт. Яго вершы ўключаны ў праграму школьнага курса беларускай літаратуры, паэтычны набытак (вершы і ліра-эпас “Пяцірэчча”) вывучаецца на філалагічных факультэтах ВНУ. У новай кнізе “Паўстанак з літарай “Л”, якая зусім нядаўна выйшла ў выдавецтве “Чатыры чвэрці”, выяўляецца іншая грань мастакоўскага таленту – празаічная.
Студэнты-трэцякурснікі, кіраўніцтва і выкладчыкі філфака, а таксама сябры факультэта з Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі мелі магчымасць не толькі ўзяць аўтограф у аднаго з найбольш вопытных творцаў (летась Васіль Зуёнак адначыў 85-годдзе), але і паразмаўляць з майстрам беларускага слова. Васіль Васільевіч расказаў пра няпросты шлях да чытача яго новай кнігі, укладальніцай якой стала дацэнт кафедры беларускай і замежнай літаратуры БДПУ Наталля Віктараўна Заяц. Шаноўны госць падзяліўся глыбокімі разважаннямі пра значнасць і каштоўнасць Кнігі нават у нашу тэхналагічную эпоху, пачытаў верш “Студэнцкі чамадан”. Напісаны ў далёкім 1955 годзе, у час юнацтва пісьменніка, гэты твор узрушыў слухачоў сваёй пазнавальнасцю: клопаты і адчуванні юнака-філфакаўца сярэдзіны ХХ стагоддзя аказаліся вельмі сугучнымі і блізкімі сённяшнім студэнтам.
Са словамі падзякі да пісьменніка за шматгранную творчаць звярнуўся яго зямляк – дэкан філалагічнага факультэта прафесар Васіль Дзянісавіч Старычонак. Як чытач і навуковец, ён падзяліўся сваімі назіраннямі пра адметнасць твораў Васіля Зуёнка, адзначыў іх глыбокую метафарчнасць і філасофскі патэнцыял, расказаў пра выкарыстанне зуёнкаўскіх тэкстаў ва ўласных даследаваннях.
Думаецца, аўтограф аўтара на кнізе празаічных элегій “Паўстанак з літарай “Л” будзе і праз гады нагадваць пра эмацыйную сустрэчу з цудоўным чалавекам і выдатным пісьменнікам – Васілём Зуёнкам.
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка



Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя