Сучасна пра старажытнае
12 красавіка на адкрытыя заняткі да загадчыка кафедры беларускай літаратуры і культуры І.М. Гоўзіч прыйшлі не толькі студэнты-першакурснікі, але і калегі: прафесар Г.Я. Адамовіч, дацэнты Т.У. Ганчарова-Цынкевіч, А.У. Жардзецкая, Н.В. Заяц, А.І. Лугоўскі і С.А. Сычова.
Лекцыя па старажытнай літаратуры на тэму “Проза другой паловы XVІІІ стагоддзя” аказалася вельмі сучаснай. Атрымалася так таму, што І.М. Гоўзіч пастаянна праводзіла паралелі з найноўшымі творамі, прычым не заўсёды гэтыя параўнанні былі на карысць пісьменнікам ХХІ стагоддзя. Ды і праблемы, узнятыя ў прозе Саламеі Пільштыновай-Русецкай і Караля Жэры, творчасць якіх разглядаліся на занятках, актуальныя і сёння.
Заняткі не былі лекцыяй у строгім сэнсе слова: студэнты актыўна адказвалі на пытанні, разгадвалі загадкі са зборніка фатэцый XVІІІ стагоддзя, успаміналі вывучанае на “Уводзінах у літаратуразнаўства”, разважалі, жартавалі.
Мультымедыйная прэзентацыя яшчэ больш ажывіла заняткі: яна не толькі дапамагала студэнтам фіксаваць тэзісы лекцыі, але і дэманстравала партрэты аўтараў, выявы гарадоў той эпохі, якія былі звязаны з жыццём С. Пільштыновай-Русецкай і К. Жэры, вокладкі кніг і інш.
Лекцыя атрымалася грунтоўнай, навуковай і разам з тым вельмі даступнай, выкладзенай папулярна, эмацыйна, захапляльна. Не дзіўна, што пара праляцела хутка і пакінула жаданне прачытаць (ці перачытаць) творы таленавітых папярэднікаў.



Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка



Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя