Пераддыпломная практыка-2026
Працягваецца пераддыпломная практыка студэнтаў 4-га курса. Самая адказная яе частка – правядзенне ўрокаў. Філфакаўцы, якія праходзяць практыку ў ДУА “Сярэдняя школа № 30 г. Мінска”, выдатна спраўляюцца з гэтай задачай.
Аляксандра Гарбачэнка, Вераніка Літаш, Аліна Дамарад і Арына Паўлючэнка працуюць у 6-х класах. Можна было б пайсці па шляху найменшага супраціўлення і разам рыхтаваць адзін на ўсіх план-канспект. Аднак дзяўчаты ставяцца да сваіх новых абавязкаў адказна і творча, распрацоўваюць арыгінальныя ўрокі, што дае магчымасць праяўляць індывідуальнасць, назапашваць уласную метадычную скарбонку.
Так, урок Аляксандры Гарбачэнка па тэме “Алесь Жук. «Стары бабёр». Уступныя і арыенціровачныя заняткі” атрымаўся прадуманым, дынамічным за кошт змены заданняў, прымянення нагляднасці, выкарыстання тэхнічных рэсурсаў кабінета (індывідуальнае заданне на мультыбордзе). З дапамогай інтэрактыўнай дошкі Вераніка Літаш правяла віктарыну (дзеці знаходзілі і выпраўлялі памылкі ў тэзісах біяграфіі пісьменніка), арганізавала самастойную працу па варыянтах… Звяртае на сябе ўвагу тое, што студэнткі за кароткі час наладзілі кантакт з дзецьмі, ведаюць усіх па імёнах, нязмушана трымаюцца ў класе.
Аліна Дамарад на заключных занятках па вывучэнні ўрыўка з аповесці Алеся Жука прадэманстравала выдатнае валоданне багатым метадычным інструментарыем. Каб зрабіць няпросты твор больш зразумелым, зацікавіць вучняў, яна прапанавала разнастайныя заданні на картках, распрацавала інтэрактыўны тэст, правяла паралелі паміж творам і асабістым вопытам дзяцей, арыгінальна актуалізавала выхаваўчы складнік, у тым ліку і за кошт творчага дамашняга задання.
Арына Паўлючэнка зрабіла ўпор на гульнёвыя тэхналогіі, прымяняючы іх на ўсіх этапах урока, напрыклад, франтальнае апытванне праводзіла з дапамогай мудрай пчалы-памочніцы. Веданне тэксту і біяграфічных фактаў студэнтка правярала праз запаўненне інтэлект-карты, праз гульню “Крыжыкі-нолікі” і крыжаванку, выкарыстоўвала нагляднасць і раздатачны матэрыял – відаць, што ўроку папярэднічала вельмі сур’ёзная падрыхтоўка.
Заліковыя ўрокі сведчаць пра тое, што студэнткі добра засвоілі методыку выкладання беларускай літаратуры, умеюць прымяняць атрыманыя веды ў педагагічнай дзейнасці, эфектыўна выкарыстоўваюць традыцыйныя метады і сучасныя адукацыйныя тэхналогіі.
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка



Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя