Падведзены вынікі 3-га (вочнага, заключнага) тура інтэрнэт-алімпіяды па беларускай мове
20 красавіка 2019 г. адбыўся 3-ці (вочны) тур інтэрнэт-алімпіяды па беларускай мове навучэнцаў сярэдніх спецыяльных, прафесійна-тэхнічных і агульнаадукацыйных устаноў сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь. Пачаўся заключны этап з рэгістрацыі ўдзельнікаў алімпіяды ў абноўленым фае нашага ўніверсітэта, якое зранку проста вірыла ад колькасці навучэнцаў з розных куткоў Беларусі і валанцёраў, якія дапамагалі прыняць гасцей у сценах БДПУ.
Неабходна адзначыць, што да ўдзелу ў 3-ім туры інтэрнэт-алімпіяды па беларускай мове былі дапушчаны 15 лепшых фіналістаў 2-га (дыстанцыйнага) тура алімпіяды. Усе яны набралі вышэй за 8,5 балаў з 10 магчымых за папярэдні адборачны этап. Сярод іх – навучэнцы ДУА «Заслаўская гімназія», «СШ №1 г. Гарадка», «Гімназія №19 г. Мінска», «Гімназія №32 г. Мінска», «СШ №142 г. Мінска», «Камунараўская СШ Буда-Кашалёўскага раёна», «Петкавіцкі ВПК ЯС-СШ», «СШ №2 імя Ф.І. Кавалёва» (Клічаў). Самымі актыўнымі аказаліся Заслаўская гімназія і СШ №1 г. Гарадка. Ад гэтых устаноў адукацыі была найбольшая колькасць ўдзельнікаў алімпіяды і фіналістаў.
Па выніках 3-га тура інтэрнэт-алімпіяды па беларускай мове ўсе ўдзельнікі атрымалі Сертыфікаты фіналіста, Лісты падзякі ўстановам адукацыі за паспяховы ўдзел у інтэрнэт-алімпіядзе БДПУ–2019 і выдатную падрыхтоўку навучэнцаў па прадмеце «Беларуская мова». Журы, у складзе якога працавалі выкладчыкі філалагічнага факультэта (старшыня – Н.П. Лобань; члены журы – С.С. Мароз, Н.М. Нямковіч, У.П. Саўко, В.М. Сімановіч, Ю.В. Чарнякевіч), адзінагалосна вызначыла трох лепшых фіналістаў, якія атрымалі дыпломы 1, 2 і 3 ступеняў – адпаведна: Мельнікава Варвара (гімназія №32 г. Мінска), Леўчанка Юлія (СШ №1 г. Гарадка) і Падабед Вольга (СШ №2 імя Ф.І. Кавалёва (Клічаў)). Акрамя таго, пераможцы былі ўзнагароджаны каштоўнымі прызамі: вялікімі сучаснымі слухаўкамі, камп'ютарнай відэакамерай і камп'ютарнай мышкай. Думаецца, любы ўдзельнік алімпіяды хацеў бы атрымаць такія прызы!
Віншуем пераможцаў і жадаем ім, а таксама ўсім фіналістам добрых ведаў і новых дасягненняў і перамог! Спадзяёмся, што некаторыя з іх у будучым стануць нашымі абітурыентамі і ў далейшым студэнтамі філалагічнага факультэта. Будзем чакаць!
Да сустрэчы!
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка



Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя