МАЙСТАР-КЛАС У НАРОДНЫМ ЛІТАРАТУРНЫМ МУЗЕІ ПІМЕНА ПАНЧАНКІ
02.10.2024 студэнты групы 310121 філалагічнага факультэта правялі практычныя заняткі па дысцыпліне “Літаратуразнаўчае краіназнаўства” ў адзіным ў рэспубліцы народным музеі Пімена Панчанкі. Музей існуе з 2003 г. на базе сярэдняй школы № 199 г. Мінска, якая носіць імя народнага паэта Беларусі.
Чацвёртакурснікі пазнаёміліся з надзвычай багатай экспазіцыяй, якая складаецца з асабістых рэчаў П. Панчанкі, яго бібліятэкі, фотаздымкаў з сямейнага архіва, аўтографаў і іншых каштоўных экспанатаў, многія з якіх трапілі ў музей непасрэдна ад родзічаў паэта. Самае цікавае:
- абраз Божай Маці, з якім паэт не расставаўся больш за 40 гадоў;
- пінжак, набыты Піменам Емяльянавічам да 50-годдзя Перамогі, але так і не апрануты, бо паэта не стала 2 красавіка 1995 года;
- звязка з 16-ці ключоў ад чамаданаў, з якімі падарожнічаў у розны час паэт;
- нос рыбы-пілы, прывезены П. Панчанкам з Непала;
- віншавальная паштоўка з аўтографамі шматлікіх сяброў паэта.
Надзвычай карысным для будучых настаўнікаў аказаўся майстар-клас па арганізацыі літаратурна-краязнаўчай дзейнасці ў школе ад кіраўніка музея Таццяны Уладзіміраўны Курашэвіч. Настаўніца-беларусазнаўца распавяла пра формы і напрамкі музейнай работы, папаўненне фондаў і распрацоўку тэматыкі экскурсій, пра работу з вучнямі-экскурсаводамі і выхаваўчыя магчымасці школьнага музея ў навучальным працэсе. Прагучала і спадзяванне, што хтосьці з гасцей – старшакурснікаў-філолагаў – “загарыцца” ідэяй стварэння школьнага музея на будучым працоўным месцы.
Студэнты атрымалі памятныя падарункі – календары з выявай Пімена Панчанкі і пакінулі словы ўдзячнасці педагагічнаму калектыву школы ў кнізе водзываў музея.
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка



Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя