Эсэ пераможцаў конкурсу "Маладыя гады, маладыя жаданні..."
Віват, мой мілы дружа! Усё яшчэ мяркую, што Вы не забыліся на мяне, вашага Максімку, які бесклапотна, бывала, пачытваў вершыкі ў нашым закінутым, пахаваным пад ліштвой куточку зямлі. Ці смуткуеце Вы па мне?
Узгадваю апошні ліст – і сэрца маё кранае Ваш светлы боль па змардаваным дарогамі вандроўніку, Максімку. Ці ён зараз выступае віноўнікам майго адказу, ці нешта большае? Няведама. Але мне і не хочацца пра гэта думаць. Вы пытаецеся, як маё здароўе? Хвароба становіцца ўсё больш невыноснай, але пяро яшчэ моцна трымаецца ў маёй руцэ, а таму я магу напісаць Вам аб дзіўным каханні, якое ніяк не можа перамагчы мой розум. Ні гучная слава паэта, за якую б цану яна ні была набытая, ні поўная даверу і гонару цішыня, якой тут зашмат, ні нават старадаўнія паданні, якія так захаплялі мяне раней, больш не варушаць майго летуцення пра яе.
Муза паэтаў. Колькі святых, у гады майго бестурботнага юнацтва, казалі мне: “Кінь яе, жыві ў раі!” Ведаеце, ён мне больш не патрэбен, той рай, толькі б з ёю быць: звязаным, кінутым усімі, але з ёю. Хто я зараз? Яшчэ ўсё той жа юнак-паэт, што любіць падоўгу глядзець на нябесную прыгажосць яе, ці падарожнік, якому больш ніколі не расчыняць дзверы ветлівыя спадары, не запросяць у хату, каб пагрэцца ў гэтую доўгую зімовую ноч. Толькі мроіцца недзе агеньчык лучыны, які кліча мяне. У такія моманты нясцерпна пахне яблыкам і мёдам, а мне так хочацца бегчы туды, па скамячанай сцежцы насустрач ратавальнаму святлу, чуць прываблівы дзявочы смех, што абуджае пачуцці, на якія немагчыма забыцца…
Усё пачыналася са слова. Колькі людзей, апантаных маўклівасцю, падала да яе ног! Быў час, калі яны ўмелі гаварыць з лесам, з дрэвам, з травой, з небам, але не маглі нічога сказаць ёй. Мы, закаханыя і маладыя, гарачыя і смелыя, маўчалі пры выглядзе яе нябесна-васільковых вачэй: яны паланілі моўчкі, непрыкметна і назаўжды.
Ішоў час. Я стаў глухнуць, забывацца, глядзець сабе пад ногі, стаў жыць глабальна, не разумеючы, што сапраўднае жыццё – яно вось тут, перада мной: у вадзе, у небе, на зямлі, у паветры, у тым, што вакол мяне з самага нараджэння. А ў ёй было нешта містычнае. Менавіта яно ўздымала ўва мне тое трапяткое пачуццё, якое я нават не спрабаваў патушыць. Адлегласць – гэта боль, які я нашу з сабой паўсюль. Далеч, што аддаліла мяне ад яе, крычыць уночы: “Вярніся дадому!” Але Вы ж ведаеце, мой сябар, што я не свабодны. Ніхто, як высветлілася, не валодае сваім лёсам. І міжволі я ірвуся да яе, але толькі бясконцы смутак цкуе маю душу, не пускае, заломвае мне рукі, зрабіўшы злачынцам і наказаўшы мне застацца тут, да апошніх дзён жыцця.
Па начах, прыціснуўшыся да падгалоўя ложка, павольным позіркам працінаючы начныя цені, я спрабую разгледзець яе ў чужых краінах, углядаюся ў цемру, а ў хвіліны глыбокага смутку заплюшчваю вочы і бачу: дым, што ідзе ад спаленых пожняў, таполі, якія панура глядзяць мне ў вочы, працінаючы галінамі маё, і без таго ўжо, параненае сэрца. І бачыцца яшчэ, як туманы закрываюць роднае сяло, а там і маленькую хатку, пакрытую саламянай страхой, поўнае збожжа гумно. Душа мая, нібыта хмара, якой надакучыла бадзяцца па чужых далях, прыплывае да яе, каб расплакацца, распавесці пра тое, як дрэнна тут, на чужыне.
Побач з ёй я проста жыў. З часам, пасталеўшы, пачаў разумець, што гэтае жыццё маё складваецца адным выпадкам, які прыгатаваны лёсам, наканаванасцю, а ўсё астатняе залежыць толькі ад мяне: выкарыстаю ці не? Я за сваім лёсам ішоў вельмі цяжка і доўга.
Так я зноўку вяртаўся да той рэчкі, якую шукаў, да таго дубняку, да таго лесу, да таго, чым увесь гэты час жыў. І гэта была наша самая шчаслівая пара жыцця, бо ўпершыню я ўбачыў, адчуў гэтае неба над сабой. Стаяў адзін, на беразе ракі, а яна бегла да мяне. Пясок белы, неба чыстае. Раптам аднекуль выскачыў зайчык, наткнуўся на мяне, заенчыў, пабег з усіх ног да лесу. Тады я быў з ёй адзін перад белым светам, думаў: “Божа, няўжо гэта ўсё маё? Няўжо гэта тут?” Не ведаю, за што люблю яе халоднае маўчанне, яе лясы, разлівы яе рэк, якія кожную ноч спяваюць мне ціхую песню перад сном.
Святло месяца, таямнічае і доўгае, крык жураўля, плач вярбы, шэпат таполяў. ЦІ магчыма гэта забыць?! Зноў не магу заснуць і, пракляўшы, не магу праклясці. І гэтыя паніклыя таполі, і начныя слёзы дажджу, і маркотныя палі гнятуць маю душу. Нават зараз, калі новае святло жыцця кранула мой лёс, я ўсё роўна застаўся паэтам гэтай саламянай хаты.
Клянуся Вам, што магу страціць руку, хоць дзве, але вуснамі падпішуся на смерці: “Радзіма мая, зямля! Мы кладземся ў цябе і становімся ёю, таму і называем сваёй”.
Гэтая роспач мінула, як мінае ўсё ў маладосці, аднак не пазбавіла мяне ад усёй хлусні жыцця, што з таго часу стала падобным на жыццё падвопытнага пацука, якога падвялі да кнопкі задавальненняў, паказалі, як трэба на яе націскаць – і ён бясконца цісне і цісне. Калі ж ён апамятаецца?
І мне хочацца дадому. Знітавацца з ёю, працягваць жыць там, дзе ўсё усміхаецца жыццю, – гэта адзінае, чаго жадаю.
Спіце спакойна, мой сябар, ведаючы, што дарагая мне раўніна, палын, наліты свінцовай свежасцю, жытнёвыя палі, васільковае неба, назаўсёды застануцца ўва мне, ды ніякая іншая зямля не ўдыхне ў грудзі мае цяпло.
Відаць, ва ўсіх у нас такая доля. Прашу толькі Бога аб адным: на радзіме каханай, усё кахаючы, спакойна памерці.
Дзявяты дзень снежня з’яўляецца знамянальным у гісторыі беларускай літаратуры. У гэты дзень 125 гадоў назад нарадзіўся паэт Максім Багдановіч, які паклаў у скарбонку нашай літаратуры непамерны скарб.
Безумоўна, кожнаму беларусу вядома гэта імя. Усе мы яшчэ ў школе вывучалі творчасць Максіма Багдановіча, усе памятаем яго “Санет”, “Па-над белым пухам вішняў...”, “Раманс”, “Слуцкія ткачыхі”. Мабыць, кожны, калі ўпершыню знаёміўся з асобай паэта, задаваў сабе пытанне: чаму на фотаздымках, партрэтах Максім Багдановіч яшчэ зусім юнак? Чаму няма фотаздымкаў у старэйшым узросце?
Адказ прыйдзе сам сабой, калі пазнаёміцца з біяграфіяй паэта. Ён пражыў толькі 25 гадоў, з якіх толькі 5 – на радзіме. Яго ранні сыход звязаны з цяжкім захворваннем.
За свае 25 гадоў Максім Багдановіч зрабіў вельмі шмат: яго паэтычныя творы сталі класікай беларускай літаратуры. Для беларускага народа імя Багдановіча мае такое ж значэнне, як імя Пушкіна або Лермантава для рускага. У 22 гады Максім Багдановіч выдаў кнігу “Вянок”, адзіны пры жыцці надрукаваны зборнік вершаў. За адпушчаны яму час Максім вывучыў 9 моў і не толькі ствараў арыгінальныя вершы, але і займаўся перакладамі. Адзін з твораў – верш “Пагоня” – у пачатку 1990-х гадоў абмяркоўваўся грамадскасцю як магчымы нацыянальны гімн Беларусі.
Здзіўляешся: як чалавек столькі здолеў дасягнуць у такім узросце? У чым жа сакрэт Максіма Багдановіча? Гэта ўнутраны стрыжань, імкненне да асабістага развіцця, талент або адчуванне таго, што можа не хапіць часу? Хочацца верыць, што ўсё гэта дапамагло стаць Максіму Багдановічу тым, аб кім мы зараз чытаем у падручніках, чые творы мы чуем па радыё (многія з іх пакладзены на музыку і добра вядомыя кожнаму беларусу).
Хоць мне яшчэ далёка да ўзросту паэта, але воляй-няволяй задумваюся: а чаго змагу дасягнуць я? Ці ёсць у мяне такі ўнутраны стрыжань, ці маю я нейкі патаемны талент, аб якім яшчэ сама не ведаю? Мне б вельмі хацелася знайсці сваё месца ў жыцці, рэалізаваць сябе ў прафесіі, даведацца аб межах маіх магчымасцей, раскрыць свой патэнцыял. Для гэтага мне дадзеная адна з лепшых пор майго жыцця – маладосць. Гэта той час, калі ты ўжо не дзіця, але яшчэ і не дарослы.
Быць маладым – адначасова і цяжка, і цікава. У мяне яшчэ недастаткова жыццёвага вопыту, каб вырашыць тую ці іншую праблему, але жыццё настолькі непрадказальнае, што падносіць мне сюрпрызы, накіроўвае на, спадзяюся, правільныя думкі, падказвае рашэнні.
Маладосць – перыяд адкрыццяў, складання планаў на будучыню. Я ўпершыню закахалася і, мабыць, як кожны закаханы чалавек, адчула сапраўдны феерверк эмоцый. Успаміны забыць немагчыма. Яны застануцца са мной да глыбокай старасці. Адны з іх будуць саграваць маю душу, радаваць, хваляваць. Астатнія будуць асацыявацца з нейкімі сумнымі момантамі, бо не заўсёды ў маім жыцці ўсё добра і гладка.
Адзін з галоўных выбараў я зрабіла таксама ў маладосці – выбар маёй будучай прафесіі. Я вырашыла стаць настаўніцай беларускай і англійскай моў. Хутчэй за ўсё таму, што ў мяне былі цудоўныя настаўнікі ў школе, якія сталі для мяне ўзорам для пераймання. Спадзяюся, што я зрабіла правільны выбар і змагу дасягнуць значных поспехаў у сваёй прафесіі.
Я лічу, што трэба марыць аб чымсьці большым, чым можаш дасягнуць. Гэта будзе заўсёды падштурхоўваць цябе рухацца ўперад і наблізіцца да сваёй запаветнай мары. Магчыма, Максім Багдановіч таксама ставіў перад сабой высокія мэты і таму ажыццявіў столькі творчых планаў за той час, які яму адвёў лёс.
Максім Багдановіч – яркі прыклад таго, як трэба цаніць час. Ведаў паэт, што дні яго злічаныя, але ўсё ж працаваў і спадзяваўся на новы ясны дзень. Я не хачу марнаваць свае лепшыя гады, а мару пражыць надзвычай плённае жыццё. Ніхто не ведае, як складзецца мой лёс, усё залежыць ад мяне самой. Я ўдзячна сваёй пуцяводнай зорцы за тое, што маю зараз, але спыняцца на дасягнутым не збіраюся.
Маладосць – самая цудоўная пара ў жыцці кожнага чалавека. Мы, маладыя, амаль не заклапочаныя нічым. Сапраўды, “ні жуды, ні нуды”. Наперадзе столькі нязведанага, цікавага, якое вабіць, прыцягвае, якое хочацца спазнаць!
У розная святы я з бацькамі наведваю сваіх бабуль і дзядулю. Якіх толькі гісторый не пачуеш ад старэйшых пра іх маладосць! Нібыта казкі і анекдоты гучаць яны. І усё роўна, сумныя ці вясёлыя, яны ўсе цікавыя. А мы, малодшыя, слухаем, і не перадаць нашай зацікаўленасці. Слухаем, не заўважаючы стрэлак на гадзінніку. Вось яна якая, маладосць, незабыўная! Для старэйшых – гэта ўжо кніга прачытаная, а для мяне яна яшчэ нават не страціла свой свежы пах. Я ўжо пачынаю здзяйсняць свае жаданні і планаваць будучыню.
Зараз мне сямнаццаць год, і я задумваюся, якім будзе маё будучае жыццё. Мабыць, кожны ў маім узросце яшчэ знаходзіцца ў пары летуценняў. Безумоўна, усе аб нечым мрояць. Часам мне здаецца, што і жыцця не хопіць на ажыццяўленне гэтых мар. Але адна з іх ужо збылася: я стала студэнткай педагагічнага ўніверсітэта. З дзяцінства любіла я ўяўляць сябе настаўніцай. І цяпер, ужо будучы дарослай, я прыняла першае значнае вырашэнне: я буду настаўніцай роднай мовы і літаратуры. Мне ўяўляецца, як я стану далучаць сваіх вучняў да здабыткаў беларускай літаратуры і культуры, выхоўваць у іх любоў і павагу да гісторыі роднага краю. Як буду прывіваць любоў да роднага слова, раскрываць яго хараство праз творчасць беларускіх пісьменнікаў. Але наперадзе яшчэ доўгія гады вучобы, якія дапамогуць мне стаць сапраўдным настаўнікам. І я ўпэўнена, што гэтыя гады пацвердзяць правільнасць майго прафесійнага выбару, і, дзякуючы сваёй будучай працы, я заўсёды буду заставацца на хвалях безупыннай жыццёвай плыні.
Існуе такое меркаванне, што маладосць – гэта час страчаных магчымасцей. Зараз мне цяжка ацаніць праўдзівасць гэтага меркавання. Хто ж яго ведае, можа, некаму і пашчасціць усё паспець. Але варта шанаваць кожную хвіліну, бо трэба зрабіць так многа! Паспець сустрэць сапраўдных сяброў, якія будуць на працягу многіх гадоў поруч, паспець навучыцца вылучаць у людзях станоўчае і адмоўнае.
Я хачу знайсці сяброў, пакуль я студэнтка. Калі я паступіла, амаль ад кожнага, хто мяне віншаваў, гучала часцей не тое, што трэба добра вучыцца (вучоба – вучобай, галоўнае ж здароўе), а тое, што трэба спаткаць сапраўдных сяброў, атрымаць асалоду ад гэтых вясёлых гадоў, не гледзячы на ўсе цяжкасці. Студэнцтва – гэта яркі і незабыўны час. Менавіта дзякуючы сябрам ён такі. З кім, як не з сябрамі, давядзецца сустракацца ў далейшым жыцці і ўзнаўляць у памяці пажоўклыя старонкі маладосці? Я лічу, што з сябрамі трэба перажыць моманты, за якія сорамна зараз, а праз шмат гадоў будзе смешна. А калі не перажывеш, то пра што расказваць дзецям і ўнукам? Лічы, дарэмна жыў, калі няма чаго ўспомніць.
А каханне?!.
“Маладыя гады, маладыя жаданні! Ні жуды, ні нуды, толькі шчасце кахання...”, – напісаў Максім Багдановіч.
Аднойчы мае дзядуля і бабуля расказалі пра сваю маладосць і каханне. Слухаючы іх, мне таксама захацелася спазнаць гэтыя высокія пачуцці. І маё нязведанае будучае, я ўпэўнена, тоіць дзесьці сустрэчу. Можа, першае каханне прынясе мне шчасце, а можа, крыўду, але на тое яно і першае. Хацелася б толькі, каб мой лёс падабраў для гэтай сустрэчы спрыяльны час.
…Кожны дзень дорыць чалавеку новыя адкрыцці і магчымасці. Мне верыцца, што ўсе мае мары і жаданні збудуцца і гады маёй маладосці праляцяць не шэрымі буднямі, а “залатымі агнямі”.
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка



Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя