Знаёмства са школьным краязнаўствам
28 лістапада 2025 г. студэнты групы 310122 на практычных занятках па дысцыпліне “Літаратуразнаўчае краіназнаўства” пазнаёміліся з вопытам арганізацыі краязнаўчай дзейнасці ў школе: разам з выкладчыцай кафедры беларускай і замежнай літаратуры Таццянай Пятроўнай Хоміч наведалі адзін са старэйшых школьных музеяў горада Мінска.
Краязнаўчы музей, якому ў 1994 г. было прысвоена званне народнага, размяшчаецца ў сярэдняй школе № 90 імя У. І. Стальмашонка і ўтрымлівае багатую экспазіцыю – больш за 1100 экспанатаў, падараваных музею прыватнымі асобамі, сабраных школьнікамі ў час выканання краязнаўчых заданняў, праведзенай пошукавай работы. Асабліва каштоўна, што ў музеі ўсё: ад афармлення стэндаў да складаных макетаў – зроблена рукамі вучняў, а таксама шматгадовага і самаадданага кіраўніка музея, аўтара выдатнага дапаможніка для настаўнікаў-краязнаўцаў “Да родных вытокаў” (Мінск, 2019) Станіслава Браніслававіча Холева.
У ходзе знаёмства з музеем Станіслаў Браніслававіч распавёў студэнтам гісторыю стварэння школьнага “храма муз”, пазнаёміў з кірункамі краязнаўчай працы ў навучальнай установе, распавёў некаторыя падрабязнасці збору экспанатаў, прадэманстраваў, як цікава і сцісла, у межах экскурсіі, даваць багатую краіназнаўчую інфармацыю.
Вопыт захопленага краязнаўчай справай настаўніка паказаў будучым педагогам і складанасць, і безумоўную выніковасць арганізацыі краязнаўчага музея для выхаваўчага працэсу ў школе.
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка



Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя