Вучэбна-пошукавая практыка на філалагічным факультэце
З 20 лютага 2023 года студэнты 2 курса філалагічнага факультэта праходзяць вучэбна-пошукавую практыку ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі г. Мінска.
Базамі для практыкі сталі гімназіі № 12, № 43, № 24, № 29 і сярэднія школы № 30, № 61, № 187, № 191, адміністрацыя і педагогі якіх згадзіліся прыняць нашых студэнтаў і пасадзейнічаюць ім у прафесійным станаўленні.
Другакурснікі атрымалі магчымасць прымяніць наяўныя тэарэтычныя веды ў рэальных педагагічных сітуацыях, паназіраць за дзейнасцю вопытных настаўнікаў, самім правесці фрагменты ўрокаў і выхаваўчыя мерапрыемствы, уключыцца ў школьнае жыццё. Так, напрыклад, студэнты групы 310121 ужо прынялі ўдзел у святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы ў гімназіі № 12, а практыканты з групы 310221 самі правялі тэматычныя мерапрыемствы ў сярэдняй школе № 61.
Практыка таксама дазваляе больш якасна падрыхтаваць курсавыя работы: арганізаваць назіранне, паразмаўляць з настаўнікамі і вучнямі, апрабіраваць вынікі даследавання.
Хутка адаптавацца ў новых умовах і паспяхова выканаць усе заданні студэнтам дапамагаюць групавыя кіраўнікі Аляксандр Іванавіч Лугоўскі і Ала Іванаўна Гараніна (кафедра беларускай і замежнай літаратуры), Таццяна Пятроўна Смолькіна, Гюльнара Мансураўна Юсцінская і Кацярына Мікалаеўна Арцямёнак (кафедра педагогікі), Святлана Анатольеўна Месніковіч і Наталля Леанідаўна Станкевіч (кафедра псіхалагічнага забеспячэння прафесійнай дзейнасці).
Вопыт, атрыманы падчас вучэбна-пошукавай практыкі, несумненна, спатрэбіцца філфакаўцам у вучэбнай і будучай настаўніцкай дзейнасці.
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка



Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя