НЕ ПРЫРУЧАЙ СВАЮ ТУГУ. ЛЕПШ – УСМІХНІСЯ!
17 лістапада 2022 года студэнты філалагічнага факультэта прынялі ўдзел у мерапрыемстве, прысвечаным памяці Мікалая Віктаравіча Шабовіча (1959–2021).
Мікола Шабовіч – вядомы беларускі паэт, перакладчык, мовазнаўца, які з 1989 года працаваў у БДПУ. Мікола Шабовіч узнагароджаны нагрудным знакам "За ўклад у развіццё БДПУ", аўтар слоў гімна БДПУ. Выключна высокі ўзровень навукова-метадычнай падрыхтоўкі і ў той жа час самабытнасць яркага лірыка сучаснай беларускай літаратуры ствараюць непаўторны, унікальны педагагічны партрэт дацэнта М. В. Шабовіча. Служэнне М. В. Шабовіча роднаму ўніверсітэту – гэта неад'емныя старонкі гісторыі і сучаснасці БДПУ, насычаныя...
- знойдзенымі сярод студэнтаў паэтамі і празаікамі;
- узгадаванымі ў замілаванні і пашане да роднага слова настаўнікамі і журналістамі,
- дарагімі кожнаму студэнту і выкладчыку БДПУ словамі гімна нашай ВНУ.
На мерапрыемстве студэнты ўзгадалі паэтычную спадчыну Міколы Шабовіча, звярнуліся да найбольш яркіх старонак яго жыцця, якія сам паэт прадставіў у аўтабіяграфічных нататках "Пацеркі ўспамінаў". На вершы Міколы Шабовіча напісана больш як 200 песень, некаторыя з іх сталі папулярнымі, выконваліся на Нацыянальным фестывалі беларускай паэзіі і песні ў Маладзечне, на Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар". Найбольш яркія музычныя творы на словы Міколы Шабовіча прагучалі і 17 лістапада на філалагічным факультэце. Песня "Падбяры мне песню" (словы Міколы Шабовіча, музыка Міколы Яцкова, выконвае заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Леанід Нікольскі) даступная ўсім па спасылцы:
https://www.youtube.com/watch?v=0oP3qZ926C4&t=9s
Мікола Віктаравіч быў цудоўным куратарам, які шчыра цікавіўся кожным студэнтам ("Мае дзеці"), клапаціўся пра ўмовы жыцця ў інтэрнатах, імкнуўся заўважыць у сваіх студэнтах іскрынкі таленту. На працягу 40 гадоў Мікола Шабовіч быў кіраўніком літаратурнага аб'яднання "Крокі".
Ад імя студэнтаў групы 310220, а таксама ўсіх, каму выпала шчасце вучыцца ў Міколы Віктаравіча, працаваць побач з імі, ад імя ўсіх прыхільнікаў пранізлівай творчасці паэта пакідаем гэты шчыры зварот да нашага незабыўнага Настаўніка.
1 год жыцця вечнага.
Сёння 1 год, як Вас няма тут, на нашай Зямлі.
Дарагі Мікола Віктаравіч, наш галоўны, найцудоўны, незабыўны Настаўнік. У Вашым сэрцы быў цэлы неабсяжны акіян любові, цеплыні і шчырасці, якім Вы адорвалі ўсіх, хто быў побач. І ўсім было добра, цёпла, светла каля Вас. Вы выкрадалі людзей сваёй любоўю з бездані іх адчаю, болю, пакінутасці. А цяпер Вашым вучням і паслядоўнікам назаўжды холадна і цёмна, бо няма Вас. Гэта невылечна. І гэта нават не боль – гэта жах.
Нічога не знікае ў свеце гэтым, усе незабыўныя моманты засталіся для вечнасці, і ў іх можна вяртацца, заставацца ў іх і адагравацца з сіверу і скрухі.
Вы так часта вучылі нас: "Не хапае глыбіні, рэзкасці. Банальна!" І зараз мы імкнемся жыць так, каб было небанальна, каб было глыбока, але без Вас, без Вашай падтрымкі, Вашых самых каштоўных на свеце парад атрымліваецца слабавата, шчыра кажучы. І калі не стае сіл і энергіі, мы кажам сабе, што прысвячаем тую ці іншую справу Вам, і яна ажывае.
Мы ўсе, Вашы вучні, паслядоўнікі, чытачы, памятаем Вас і бязмежна сумуем. Напэўна, будзе гучаць пафасна і зноў жа банальна, але нам здаецца, што мы ніколі не ўспамінаем Вас. Ведаеце чаму? Таму што ўспамінае той, хто хоць час ад часу забывае, а мы ніколі не забываем. Вы заўжды з намі, усяліліся ў нашы думкі, справы, крокі. Вы рупліва адкрывалі ў кожным з нас лінгвістычны, літаратурны, педагагічны сусвет, і мы нясем яго, жывем у ім дзеля памяці пра Вас.
Так шмат хацелася б напісаць, ды ўсе словы дыхаюць пустэчай. Усе яны – банальна-кульгавая спроба хоць крышку выказаць, якога маштабу страту мы зведалі, як нам холадна і цёмна без Вас, Мікола Віктаравіч. Мы абдымаем Вас сваёй любоўю і малітвай. І верым у Сустрэчу...
Шчыра – студэнты групы 310220,
выпускнікі БДПУ,
а таксама прыхільнікі творчасці Міколы Шабовіча,
калегі і сябры
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка



Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя