Лёс творцы: погляд гісторыка
13 лістапада 2019 года на філалагічным факультэце адбылася сустрэча з загадчыкам кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў кандыдатам гістарычных навук дацэнтам Анатолем Фёдаравічам Вялікім.
На сустрэчу, якая была прымеркавана да 105-годдзя ўніверсітэта, Анатоль Фёдаравіч Вялікі прыйшоў па запрашэнні намесніка дэкана па навуковай рабоце Наталлі Віктараўны Заяц. Спачатку студэнтам 3 і 4 курсаў, будучым настаўнікам беларускай літаратуры, была прадстаўлена мультымедыйная прэзентацыя. У ёй акцэнтавалася ўвага на трагічных і драматычных перыпетыях лёсу тых беларускіх пісьменнікаў, чыя творчая сталасць прыйшлася на канец 1930-х гадоў, і асабліва – на лёсах былых студэнтаў Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута (так у той час называўся наш універсітэт).
У цэнтры асаблівай увагі аказаўся пісьменнік Сяргей Грахоўскі. Менавіта разважанні пра яго творчую і чалавечую драму склалі асноўны змест гутаркі. А.Ф.Вялікі прапанаваў сваё бачанне праблемы “творца і ўлада”, прывёў эксклюзіўныя гістарычныя факты, даў спасылкі на ўнікальныя, невядомыя шырокай грамадскасці архіўныя дакументы, адказаў на пытанні. Эмацыйнасць і захопленасць госця прадметам размовы перадалася ўсім прысутным, спрыяла ўсталяванню атмасферы зацікаўленасці, супрацоўніцтва і пошуку.
Прагучала таксама змястоўнае выступленне старшыні СНДЛ “Сучасны літаратурны працэс у рэцэпцыі будучых настаўнікаў” Юліі Казак. Яна раскрыла ідэйны змест паэмы “Маналог” былога студэнта нашай ВНУ Аркадзя Куляшова і ў гэтай сувязі пазнаёміла з фактамі няпростай біяграфіі яго сяброў Юлія Таўбіна і Змітрака Астапенкі.
Удзельнікі мерапрыемства паспрабавалі спалучыць літаратаратуразнаўчы і гістарычны падыходы да праблемы ўзаемаадносін мастака і дзяржавы, і, думаецца, ім гэта ўдалося.
Сустрэча адбылася ў межах рэалізацыі навуковага праекта Студэнцкага навуковага таварыства БДПУ “Міф і міфатворчасць як прадмет міждысцыплінарных даследаванняў: пошук і абвяржэнне”, аўтарам якога, дарэчы, з’яўляецца прадстаўніца гістарычнага факультэта.
Выказваем удзячнасць А.Ф.Вялікаму і спадзяемся на далейшае супрацоўнітва.
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка



Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя