XII Міжнародная навуковая канферэнцыя “Танкаўскія чытанні”
27 лістапада 2020 года на філалагічным факультэце адбылася ХІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Танкаўскія чытанні”, прымеркаваная не толькі да чарговага дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, імя якога носіць наш універсітэт, але і да Года малой радзімы, і дня заснавання БДПУ.
Адметнасцю канферэнцыі стаў фармат яе правядзення: вочны, завочны і анлайн. З прывітальным словам на ўрачыстым адкрыцці канферэнцыі да ўдзельнікаў звярнулася намеснік дэкана філалагічнага факультэта па навуковай рабоце Алёна Ігараўна Жышкевіч.
Пленарнае пасяджэнне адбылося ў традыцыйнай форме. На ім былі прадстаўлены ўсе аспекты, звязаныя з жыццём і творчасцю Максіма Танка. Анастасія Канстанцінаўна Козік (загадчык музея БДПУ) і Мікіта Святаслававіч Рачылоўскі (студэнт 3 курса гістарычнага факультэта БДПУ) расказалі прысутным праўшанаванне памяці пра Максіма Танка ў БДПУ. Дацэнты філалагічнага факультэта Наталля Віктараўна Заяц і Аляксандр Іванавіч Лугоўскі ў сваіх дакладах звярнулі ўвагу на спецыфіку вывучэння творчасці Максіма Танка ва ўстановах агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі. Загадчык кафедры замежных моў Вольга Юр’еўна Шыманская прадставіла ўвазе слухачоў паведамленне пра рэцэпцыю твораў Максіма Танка і яго ролю ў айчынным і сусветным літаратурным працэсе.
5 секцый, на якіх было заяўлена больш за 100 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Кітая, Украіны, Ірака, працавалі ў анлайн- і завочным фарматах. Падчас пасяджэнняў было дэталёва абмеркавана шырокае праблемнае поле: творчасць Максіма Танка і нацыянальны, еўрапейскі і сусветны кантэкст; беларуская і сусветнаялітаратура на мяжы тысячагоддзяў: традыцыі і перспектывы; літаратура ў сучаснай мультыкультурнайі інфармацыйнай прасторы; нацыянальныя мовы ў гістарычна-культурным працэсе; культуралагічны, літаратуразнаўчы і лінгвістычны кампаненты сучаснай адукацыйнай прасторы.
Традыцыйна ў межах канферэнцыі выступілі маладыя даследчыкі з розных гарадоў Беларусі, большасць з якіх прадстаўляла БДПУ.