Праўда барацьбы: круглы стол да 80-годдзя Перамогі
6 мая 2025 года на філалагічным факультэце прайшоў круглы стол да 80-годдзя Перамогі “Праўда барацьбы: Вялікая Айчынная вайна ў паэзіі яе ўдзельнікаў і сведак”. Для студэнтаў 2-га і 3-га курсаў яго правялі выкладчыкі кафедры беларускай і замежнай літаратуры.
Таццяна Пятроўна Хоміч расказала пра паэтаў-землякоў Аляксея Пысіна і Аркадзя Куляшова і прадставіла 23-і том “Залатой калекцыі беларускай літаратуры” з творамі гэтых аўтараў. Жыццёвыя шляхі абодвух супалі з франтавымі – у мастацкім набытку шмат вершаў на ваенную тэму. Укладальніца тома, Таццяна Пятроўна не толькі паразважала пра адметнасць паэзіі Аркадзя Куляшова і Аляксея Пысіна пра вайну, але і пазнаёміла з цікавосткамі выдання.
Наталля Віктараўна Заяц узгадала пакаленне дзяцей вайны, у ліку якіх Васіль Зуёнак. Яго ўспаміны пра абпаленае маленства ўвасоблены ў паэме “Маўчанне травы”. У творы даецца разгорнутая панарама паднявольнага жыцця беларусаў падчас акупацыі, калі “праўда зерня” саступіла месца “праўдзе барацьбы” – усенароднаму змаганню з захопнікамі.
Студэнты ўспомнілі вершы паэта, уключаныя ў школьны курс беларускай літаратуры. Паказальна, што і ў іх гучыць водгулле ваеннай трагедыі, сведкам якой давялося стаць Васілю Зуёнку. Адзін з праграмных вершаў увайшоў у відэапраект тэлеканала “Беларусь 3”, прысвечаны 80-годдзю Перамогі. Відэаролік з выкананнем твора быў прадстаўлены ўвазе аўдыторыі.
Філфакаўцы працягнулі паэтычную частку мерапрыемства чытаннем вершаў, напісаных у 1941–1945-м гадах непасрэднымі ўдзельнікамі барацьбы. Прагучалі творы Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Пачанкі, Петруся Броўкі, якія вывучаюцца на занятках па “Гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага дзесяцігоддзя”.
Удзельнікі круглага стала пагарталі старонкі франтавых біяграфій паэтаў, пагаварылі пра значэнне для сучаснікаў іх твораў, дзе праўдзіва і па-мастацку дасканала ўзноўлены трагічны перыяд нашай гісторыі.
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка



Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя