Лепшыя навукоўцы – на філфаку
20 красавіка 2018 года адбыўся фінал конкурсу “Студэнт года” ў намінацыі “Навукова-даследчая дзейнасць”.
12 удзельнікаў прадстаўлялі 9 факультэтаў і інстытутаў БДПУ. Гонар філалагічнага факультэта абараняла старшыня СНДЛ “Сродкі выражэння экспрэсіўнасці ў мове і маўленні”, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, намеснік старшыні СНТ БДПУ Алена Фендзіч.
Адкрыла пасяджэнне фіналістаў, якое праходзіла ў межак Дэкады студэнцкай навукі ў БДПУ, прарэктар па навуковай рабоце Ганна Васільеўна Торхава.
Выступленне кожнага канкурсанта ўключала ў сябе тры этапы: прадстаўленне групай падтрымкі, прэзентацыя навуковага даклада і дыскусія па пытаннях. Алену прадстаўлялі аднагрупнікі Марыя Шаплыка, Уладзіслава Кабушка і Дзяніс Пішчала. У той час, як Уладзіслава і Дзяніс давалі арыгінальную і жывую характарыстыку нашай удзельніцы, Марыя частавала журы і супернікаў смачным пірагом, з якім у сяброў асацыіруецца Алена: чалавек – прыгожы не толькі знешне, але і ўнутрана, пасля знаёмства з якім застаюцца толькі прыемныя ўражанні.
Пасля Алена абнародавала артыкул “Канатонімы з нацыянальна-культурным кампанентам” (навуковы кіраўнік – кандыдат філалагічных навук, дацэнт Наталля Пятроўна Лобань). Як заўсёды, яна трымалася ўпэўнена і нязмушана: напачатку правяла з аўдыторыяй своеасаблівую гульню, чым актывізавала ўвагу і стварыла эфект асабістай далучанасці, потым даступна, аднак без страты навуковага складніка, расказала ўдзельнікам пра такую лінгвістычную з’яву, як канатонім, на прыкладзе літаратурных твораў паказала функцыі канатонімаў. Затым маладая даследчыца вычарпальна і папулярна адказала на пытанні слухачоў. Сама зацікаўленая тэмай даследавання, яна змагла зацікавіць іншых канкурсантаў і журы.
Напрыканцы конкурсу журы на чале са старшынёй, загадчыкам кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі БДПУ Наталляй Леанідаўнай Пузырэвіч, узнагародзіла ўсіх удзельнікаў падзякамі, адзначыла лепшыя групы падтрымкі, сярод якіх – крэатыўнасць філфакаўцаў.
Нарэшце былі названы пераможцы.
Першае месца заняла студэнтка 31 групы філалагічнага факультэта Алена Фендзіч! Віншуем Алену з заслужаным прызнаннем яе навуковых дасягненняў і жадаем новых перамог!
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка



Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя