“ХІ Танкаўскія чытанні” пройдуць у БДПУ
20–21 верасня 2018 года на філалагічным факультэце БДПУ пройдзе Міжнародная навуковая канферэнцыя “Танкаўскія чытанні”. Традыцыйны для нашага ўніверсітэта навуковы форум у гэтым годзе пройдзе ў чарговы, адзінаццаты раз, і будзе прысвечаны Году малой радзімы.
У канферэнцыі прымуць удзел каля 120 гуманітарыяў з вышэйшых навучальных устаноў Мінска, Гомеля, Брэста, Гродна, Віцебска, супрацоўнікі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, бібліятэкары, радыёвядучыя. Беларускія даследчыкі, а таксама вядучыя навукоўцы з Польшчы, Расіі, Кітая, Літвы і Украіны збяруцца, каб абмеркаваць актуальныя пытанні літаратуразнаўства, мовазнаўства, прыватных методык і культуралогіі.
У межах канферэнцыі плануецца праца сямі секцый:
- “Творчасць Максіма Танка: нацыянальны, еўрапейскі, сусветны кантэкст”;
- “Беларуская і сусветная літаратура на мяжы тысячагоддзяў: традыцыі і перспектывы”;
- “Літаратура ў сучаснай мультыкультурнай і інфармацыйнай прасторы”;
- “Нацыянальныя мовы ў гістарычна-культурным працэсе”;
- “Нацыянальныя мовы: сістэма і функцыянаванне”;
- “Нацыянальна-культурны, літаратуразнаўчы і лінгвістычны кампаненты сучаснай адукацыйнай прасторы”;
- “Праблемы сучаснага літаратуразнаўства і мовазнаўства ў работах маладых даследчыкаў”.
У “ХІ Танкаўскіх чытаннях” прымуць удзел студэнты, што працуюць у складзе СНДЛ факультэта. Удзел у канферэнцыі міжнароднага ўзроўню стане для іх добрым стымулам для навуковага і асобаснага развіцця.
Рэгістрацыя ўдзельнікаў канферэнцыі адбудзецца 20 верасня 2018 года з 8.30 да 10.00, БДПУ, корпус 1, аўд. 482 (вул. Савецкая, 18).
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка



Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя