За новымі ведамі і яркімі эмоцыямі – у музей
4 лістапада 2025 года філфакаўцы наведалі Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Нагодай стала лекцыя “Як рэдагавалі Уладзіміра Караткевіча”, якую прачытаў Пётр Жаўняровіч, адзін з укладальнікаў 25-томнага Збору твораў класіка, літаратар і прафесійны рэдактар.
Студэнты групы 310222 у гэтым семестры знаёмяцца з дысцыплінай “Літаратурнае рэдагаванне”, таму ім было вельмі карысна пачуць унікальныя звесткі пра тое, як змяняліся творы У. Караткевіча з-за непрафесійнасці рэдактараў, параўнаць аўтарскія і рэдактарскія варыянты. Гэты матэрыял спатрэбіцца і на занятках па “Гісторыі беларускай літаратуры другой паловы ХХ – пачатку ХХІ ст.”: менавіта зараз вывучаюцца тыя мастацкія тэксты, пра якія ішла гаворка на лекцыі.
Разам з выкладчыкамі кафедры беларускай і замежнай літаратуры Наталляй Віктараўнай Заяц, куратарам групы, і Таццянай Пятроўнай Хоміч студэнты не толькі ўзбагацілі свой запас ведаў эксклюзіўнай інфармацыяй, але і атрымалі станоўчыя эмоцыі, далучыўшыся да святкавання 95-годдзя з дня нараджэння ці не самага папулярнага з айчынных пісьменнікаў.
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка



Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя