«Роднае слова»: новыя знаходкі купалазнаўства
16 лістапада 2023 года студэнты 4 курса філалагічнага факультэта наведалі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Там адбылося прэзентацыйнае мерапрыемства “У пошуках страчанага: Архіўныя адкрыцці сучаснага купалазнаўства на старонках часопіса «Роднае слова»”.
Студэнты разам з дацэнтам Наталляй Віктараўнай Заяц даведаліся пра архіўныя знаходкі 2023 года, якія ўдакладняюць і ўзбагачаюць звесткі пра біяграфію Янкі Купалы і яго радавод. Так, будучыя настаўнікі ўбачылі невядомыя раней фотаздымкі з даваеннага друку, некаторыя з якіх можна лічыць сенсацыйнымі. Іх прадставіў адкрывальнік фатаграфій Сяргей Уладзіміравіч Шапран. Вынікамі ўласных архіўных пошукаў падзяліўся літаратуразнаўца Мікола Валянцінавіч Трус. Цікавыя здагадкі пра магчымчыя сваяцкія сувязі продкаў беларускага Песняра з мастакамі Манэ прадставіла аўдыторыі спецыяліст па генеалогіі Алена Кароўчанка. З новымі інтэрпрэтацыямі класічных твораў і версіямі іх ўзнікнення выступіла Ірына Эрнстаўна Багдановіч. Пра асаблівасці працы архівістаў і даследчыкаў літаратуры расказала Таццяна Іванаўна Вабішчэвіч.
Своесаблівую паэтычна-ўзнёслую атмасферу на сустрэчы стварала яго вядучая – галоўны рэдактар “Роднага слова” Наталля Мікалаеўна Шапран. Выступленні аўтараў часопіса суправаджаліся музычнымі нумарамі. Заключным акордам на вечары прагучалі песні на словы Янкі Купалы і Якуба Коласа ў таленавітым выкананні Алесі Канстанцінаўны Сівохінай.
Мерапрыемства садзейнічала пашырэнню літаратуразнаўчага кругагляду, а таксама духоўна-маральнаму і эстэтычнаму выхаванню студэнтаў: праз наладжванне сувязей паміж эпохамі, ажыццёўленае часопісам “Роднае слова”.