Філфакаўцы сустрэліся з пісьменніцай Таццянай Сівец
17 лістапада 2022 года ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбыўся творчы вечар пісьменніцы Таццяны Сівец “Вандроўкі ў пошуках сябе…”.
На філалагічным факультэце нямала зацікаўленых літаратурнай творчасцю. Старшыня СНТ факультэта Надзея Гурская, старшыня СНДЛ “Літаратура: погляд маладых” Марына Ясінская, студэнткі 3 і 4 курсаў Рэгіна Марціновіч, Юлія Патоцкая, Ганна Талочка, Дар’я Чаранкевіч разам з выкладчыкамі Наталляй Віктараўнай Заяц і Таццянай Пятроўнай Хоміч з задавальненнем наведалі вечарыну, адгукнуўшыся на запрашэнне загадчыка музея Міхаіла Аляксандравіча Бараноўскага. Тым больш, што Таццяна Сівец – выпускніца нашага факультэта, якую тут памятаюць і поспехам якой радуюцца.
Таццяна прачытала шмат цудоўных вершаў з паэтычнага зборніка “Разняволенасць” (дарэчы, яго першая прэзентацыя прайшла ў БДПУ), а таксама новыя, нідзе не апублікаваныя творы. Інтэлектуальныя і іранічныя, філасофскія і рамантычна-ўзнёслыя – самыя розныя вершы паэтэсы знаходзілі водгук у аўдыторыі. Аўтарскае чытанне перамяжоўвалася з расповедам пра “вандроўкі ў пошуках сябе”: ад студэнткі БДПУ – да вядучага аўтарскіх праектаў на беларускім радыё, галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць” і газеты “Літаратура і мастацтва” і – нечакана для многіх – кіраўніка спецыялізаванага выдання “Медыцынскі веснік”; ад першых дзіцячых вершаў пра Беларусь да творчых удач і прызнання ў паэзіі, драматургіі, перакладчыцкай дзейнасці…
Прысутныя змаглі задаць любыя пытанні гераіні вечара, за лепшыя з якіх яна паабяцала падарункі. У выніку паэтычны зборнік “Разняволенасць” атрымала Надзея Гурская. Яна наладзіла сапраўдную міні-размову, у ходзе якой Таццяна ўзгадала аднаго з тых, хто дапамагаў ёй рабіць першыя крокі ў Паэзіі – кіраўніка літаратурнага аб’яднання “Крокі” Міколу Віктаравіча Шабовіча.
Узнёслы настрой і жаданне прачытаць іншыя вершы Таццяны Сівец – з такімі эмоцыямі і намерамі філфакаўцы пакінулі музей. Марына Ясінская, Ганна Талочка і Дар’я Чаранкевіч ужо запланавалі напісанне рэцэнзіі на кнігу “Разняволенасць” для заняткаў па “Літаратурнай крытыцы”.
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка



Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя