Экскурсія ў Музей беларускай дзяржаўнасці
10 мая студэнты 1 курса груп 310321 і 310421 філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка на чале з куратарам групы 310321 дацэнтам кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі Чарнякевічам Ю. В. наведалі Музей беларускай дзяржаўнасці.
Як вядома, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці - адзін з самых маладых і тэхналагічных музеяў у краіне. Ён уваходзіць у структуру Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца важным інфармацыйным, прэзэнтатыўным і камунікацыйным цэнтрам краіны. Экспазіцыя музея адкрыта для наведвальнікаў са жніўня 2012 года. Яна ахоплівае перыяд сучаснай гісторыі Рэспублікі Беларусь і прысвечана палітычнаму, эканамічнаму, навуковаму, культурнаму і спартыўнаму жыццю краіны.
Фонд музея складае каля 4 тысяч адзінак, 800 з якіх прадстаўлены ў экспазіцыi. Сярод музейных скарбніц – ордэны «Герой Беларусі» і Францыска Скарыны, макет Беларускага касмічнага апарата, паспяховы запуск якога здзейснены з касмадрома Байканур 22 ліпеня 2012 года, першы ў СНД штучны клапан сэрца, распрацаваны беларускімі спецыялістамі, крагі беларускага хакеіста Руслана Салея, памятная манета Нацыянальнага банка Беларусі «Крыж Еўфрасінні Полацкай» і іншыя цікавыя экспанаты.
У гэтым унікальным музеі нашай краіны студэнты ўбачылі макеты самых вядомых архітэктурных будынкаў, што размешчаны на тэрыторыі Беларусі, пазнаёміліся з гісторыяй інстытута прэзідэнцтва, пранікліся гонарам за нацыянальных герояў. Асаблівую ўвагу ў студэнтаў філалагічнага факультэта прыцягнулі залы, у якіх адлюстравана сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі, у прыватнасці - дасягненні беларускай сельскай гаспадаркі, а таксама макеты культурных і спартыўных аб’ектаў, алімпійскія ўзнагароды беларускіх спартоўцаў ды грашовыя банкноты, якія ўводзіліся ў абарачэнне за часы незалежнай Рэспублікі Беларусь.