Новыя вяршыні
17 лістапада 2023 года адбыўся фінал конкурсу “Міфы і рэальнасць сучаснай навукі”. У ім бліскуча выступіла старшыня СНТ філалагічнага факультэта, старшыня СНДЛ “Літаратура: погляд маладых” Надзея Гурская.
Студэнтка 4-га курса вядомая сваёй актыўнасцю і харызматычнасцю, агульнай эрудыцыяй, метадычнай і літаратуразнаўчай падрыхтаванасцю, уменнем разбірацца ў пытаннях жанралогіі. Яна годна абараніла эсэ “Хто аўтар, ці Галоўны міф у літаратуры”: прадставіла змястоўную прэзентацыю, тактоўна і вычарпальна адказала на шматлікія пытанні журы. А, як вядома, пытанні да выступоўцы – адно са сведчанняў актуальнасці і арыгінальнасці абранай ім тэмы, паказчык зацікаўленасці аўдыторыі.
У фінале, варта падкрэсліць, насуперак палажэнню аказаліся не толькі творы ў жанры эсэ, але і класічныя навуковыя артыкулы, што выклікала здзіўленне.
Тым не менш для нашай канкурсанткі, узнагароджанай дыпломам, спаборніцтва стала чарговым шляхам да навуковых вяршыняў і дазволіла ўпэўніцца ва ўласным інтэлектуальным і творчым патэнцыяле.
Віншуем Надзею і жадаем поспехаў надалей!