Навуковы Workshop на філалагічным факультэце
8 красавіка 2026 года на філалагічным факультэце ў межах Дэкады студэнцкай навукі прайшоў Навуковы Workshop. Мерапрыемства ўжо можна лічыць традыцыйным: сёлета яно праводзілася ў трэці раз.
Workshop для студэнтаў 3-га курса правялі дацэнт Наталля Віктараўна Заяц і навуковы супрацоўнік аддзела беларускай літаратуры ХХ і ХХI стст. Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Ірына Сяргееўна Мяцеліца.
Студэнтам, якія вывучаюць дысцыпліну “Літаратурнае рэдагаванне”, карысна было даведацца пра адметнасць працы рэдактара над тэкстамі навуковага стылю. Ірына Сяргееўна, не толькі прафесійны літаратуразнаўца, але і вопытны рэдактар, расказала пра асаблівасці падрыхтоўкі манаграфій і акадэмічных навуковых зборнікаў, на канкрэтных прыкладах паказала спосабы ўдасканалення аўтарскіх тэкстаў. Акрамя таго, госця выступіла ў якасці папулярызатара дзейнасці Інстытута літаратуразнаўства і свайго аддзела, паведаміла пра бягучы праект – Міжнародную навуковую канферэнцыю “Беларускі літаратурны працэс: традыцыі і сучаснасць”, прысвечаную 95-годдзю інстытута.
Фармат мерапрыемства прадугледжваў тое, каб яго ўдзельнікі змаглі адразу атрымаць неабходныя звесткі і практычныя навыкі. Так, студэнты на прыкладах даведаліся, як выбраць тэму для паспяховага артыкула, якія існуюць патрабаванні да падобнага тыпу тэкстаў, як правільна выкарыстоўваць навуковыя крыніцы і інш. Новыя веды былі замацаваны на практыцы: студэнты сумесна прыдумалі загалоўкі для некалькіх артыкулаў, распрацавалі іх канцэпцыі. Удзельнікам было прапанавана увасобіць гэтыя канцэпцыі пры падрыхтоўцы ўласных тэкстаў.
У заключэнне перад прысутнымі выступіла прафесар Тамара Мікалаеўна Тарасава. Доктар філалагічных навук, аўтарытэтны вучоны, член саветаў па абароне дысертацый, яна дала студэнтам каштоўныя парады, заахвоціла спрабаваць сябе ў навуцы, не баяцца рабіць першыя крокі на даследчыцкім шляху.
Белорусский государственный педагогический университет
имени Максима Танка



Гостиница «Университетская»
ЦДО «Альтернатива»
Вторая специальность для тебя